ПЕ́Р’ЕВЫЯ КЛЯШЧЫ́ (Analgesoidea),
надсямейства акарыформных кляшчоў. Каля 2000 відаў. Пашыраны ўсюды. Паразітуюць на пер’і, скуры (німфы часам пранікаюць пад скуру) дзікіх і свойскіх птушак. Выклікаюць выпадзенне пер’я ў птушак-гаспадароў; узбуджальнікі кнемідакаптозаў. На Беларусі найб. трапляюцца П.к.: вераб’іны (Analgopsis passerius), качыны (Freyana anatina), курыны (Knemidocoptes gallinae), нажны кароставы (K. mutans) і інш.
Даўж. да 0,6 мм. Цела падзелена на пратэрасому (з 2 парамі пярэдніх ног) і гістэрасому (з 2 парамі задніх ног). Ротавы апарат грызучы. Кормяцца тлушчавай змазкай пёраў, часцінкамі эпідэрмісу і пер’я. Выражаны палавы дымарфізм. У развіцці праходзяць стадыі: яйцо—лічынка—пранімфа—тэлеанімфа—імага. Іл. гл, да арт. Кляшчы.
А.С.Гембіцкі, І.В.Чыкілеўская.
т. 12, с. 294
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)